УСЁ ВЫРАШАЕ МЯСЦОВЫ «ШВОНДЗЕР»

Рэальныя гісторыі пра тое, як адбываецца працаўладкаванне «нядобранадзейных» медыкаў у Беларусі зараз
10 снежня 2024

Пастаянны адток спецыялістаў з медыцыны – глабальны трэнд у нашай краіне ў апошнія гады. Урад спрабуе змагацца з гэтым звыклымі спосабамі: рэпрэсіямі, шантажом і пагрозамі. Пры гэтым узнікае складаная для чыноўнікаў дылема: паколькі сярод урачоў і медсясцёр было шмат «вальнадумцаў», абраны імі курс на поўнае ачышчэнне медыцынскіх дзяржустаноў ад недабранадзейных пагражае калапсам сістэме аховы здароўя.

Некалькі медыкаў, якія знаходзяцца сёння ў Беларусі, на ўмовах ананімнасці расказалі нам, як адбываецца працэс працаўладкавання на свабодныя вакансіі ў дзяржаўнай медыцыне і наколькі пасля гэтага лёгка звольніцца. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра спецыялістаў, у якіх медыцынскія ўстановы маюць вялікую патрэбу.

Маналог першы

Варыянтаў пошуку працы шмат, як і вакансій: банк вакансій, аб'явы, працу шукаюць па «сарафанным радыё», часам адразу прыходзяць у аддзел кадраў. Тваю кандыдатуру абмяркуюць з загадчыкам аддзялення або старшай медсястрой (для сярэдняга персаналу і санітарак), а для ўрачоў ужо трэба ўзгадняць з начмедам ці галоўным урачом.

Акрамя гэтага, у кожнай буйной установе ёсць намеснік галоўнага ўрача па бяспецы, кадрах і рэжыме. Прынамсі, гэта датычыцца ЦРБ, абласных і гарадскіх бальніц, РНПЦ. Калі ўсе начальнікі ад медыцыны не супраць тваёй кандыдатуры, запаўняецца анкета для «безапасніка», і з ёй накіроўваюць да мясцовага «Швондзера».

Той з табой размаўляе, даведваецца, у якой ступені ты лаяльны да ўлады, чысты перад законам і забірае анкету. Звычайна праверка займае пару дзён. Калі ты працаваў у дзяржаўных арганізацыях апошнія 3—5 гадоў, то яны самі накіроўваюць запыт за характарыстыкай з папярэдняга месца працы. Далей усё залежыць ад таго, да якой ступені «Швондзер» жадае выслужыцца. Ён можа напісаць, што ты дастаткова дабранадзейны, разумеючы, што знайсці кваліфікаванага спецыяліста зараз праблема. А можа пазначыць, што кандыдат «быў заўважаны». Відавочна, што ўсіх правяраюць па «базе экстрэмістаў». Могуць быць і іншыя характарыстыкі, напрыклад: «склочны», «скандальны», «п'е» — гэта ўжо прывітанне ад папярэдняга працадаўцы, з якім дрэнна разышліся, і ён займаецца дробнымі гадасцямі. Прычым калі ты «недабранадзейны», гэта 99% таго, што на працу не возьмуць. Затое ў выпівохаў шанцы значна вышэй.

‍

‍

У выніку можна смела сцвярджаць, што зараз рашэнне браць чалавека на працу ці не, застаецца не за кіраўніцтвам бальніцы, а хутчэй за бальнічным «чэкістам». Гэта датычыцца пасад ад санітаркі ці дворніка да простага ўрача. Калі ж гаворка ідзе аб прыёме на працу службовай асобы: загадчыка аддзялення, намесніка галоўнага ўрача і тым болей уласна галоўнага ўрача, кандыдатура ўзгаджаецца вышэй. Это можа быць гарадскі ці абласны аддзел аховы здароўя, аддзелы ідэалогіі, МУС, КДБ. Такая праверка звычайна займае ўжо пару тыдняў.

‍

Маналог другі

‍

Знаходзяць кандыдата (праз аб'яву, асабістыя сувязі, проста з вуліцы), і потым з ім праводзяць сумоўе з профільным намеснікам галоўнага ўрача ці загадчыкам кафедры. калі кандыдатура падыходзіць, чалавека адпраўляюць да бальнічнага «кадэбэшніка», а той накітроўвае запыт на характарыстыку з папярэдняга месца працы (адказ звычайна атрымліваюць на працягу месяца) і ў МУС.
Рашенне аб адмове прымае асабіста і аднаасобна «кадэбэшнік». Часта сапраўдныя прычыны адмовы не паведамляюць, кандыдату могуць сказаць, што спецыяліст яго профілю ўстанове больш не патрэбны.

Калі ж прымаюцца кадравыя рашэнні на ўнутраным узроўні: перазаключэнне кантракта, атэстацыя — характарыстыку звычайна пішуць больш лаяльна і двухсэнсоўна. Яе таксама падпісвае «кадэбэшнік» і кіраўнікі аддзелаў, да каторых належыць кандыдат.

Звольніць непажаданых могуць пад уціскам, прымушаючы пісаць «па згодзе бакоў», у адваротным выпадку пагражаюць тым, што «сапсуюць характарыстыку» ці «звольняць па артыкулу». Але калі ёсць магчымасць і чалавек не дужа назаляў, імкнуцца проста дачакацца заканчэння кантракта і потым яго не працягваюць. З сумяшчальнікамі ў ВНУ яшчэ прасцей: усе іх дагаворы ад пачатку тэрміновыя. Прыйшло лета — усіх прыбіраюць, увосень усё па-новай (у тым ліку і  характарыстыкі). Таму, калі загадчык кафедры не скарыстаў жнівень для запытаў да «безапасніка», верасень будзе цяжкі.

‍

Маналог трэці

‍

Пры звальненні з дзяржаўнай медыцынскай установы службовых асоб пішацца заява,  і яе ўзгадняюць у выканкаме. Калі адпускаць не жадаюць, пужаюць «страшнай» характарыстыкай, каторая абавязкова патрэбная пры прыёме на новую працу. І сапраўды, зараз яе патрабуюць не толькі дзяржаўныя арганізацыі, але і многія прыватныя клінікі. Праўда, прыаатнікі часам усё яшчэ могуць на такую фармальнасць заплюшчыць вочы, калі не баяцца, што іх за гэта прэсаваць будуць (але такіх становіцца ўсё меней). Загадчыкаў і галоўнага ўрача ўзгадняюць Камітэце аховы здароўя.

‍

‍

База, дзе адзначаныя ўсе «недабранадзейныя», канешне, існуе. Я заўважыў, што зараз пайшло паслабленне для медыкаў, ці што. Ведаю гісторыю пра тое, як жанчыну, якая займала высокую пасаду ў медыцынскай установе, пакінулі на працы пасля затрымання, допыту і запісу пакаяннага відэа — нават з пасады не знялі. Магчыма, падпісала паперу аб супрацоўніцтве?

У нас у паліклініцы «ідэёлух» — адзін са старых супрацоўнікаў. Выконвае свае абавязкі фармальна: сходы праводзіць дзеля птушачкі і робіць фотаздымкі для справаздачы. Але пры гэтым падпісвацца за Лукашэнку ўсё роўна прымусіў усіх, спісы тых, хто падпісаў,правяраюць у выканкаме. Некаторыя калегі спусцілі сітуацыю «на тармазах»: хто пашпарт «забыўся», хто захварэў.

ПОДДЕРЖАТЬ БЕЛЫЕ ХАЛАТЫ
Благодаря вашим донатам мы продолжаем работу и делаем ее профессионально

Читайте также